Мая Мова. Студэнты i выкладчыкi БДЭУ - пра мову у сваiм жыццi

Штогод увесь свет адзначае Дзень роднай мовы, але, на жаль, не ўсе беларусы ставяцца да гэтага свята сур’ёзна па той прычыне, што лічаць беларускую мову памерлай і неіснуючай. Samoe вырашыла паразмаўляць з беларускамоўнымі студэнтамі і выкладчыкамі БДЭУ, пачуць іх пункт гледжання на гэту праблему і канчаткова развеяць міф пра штучнасць беларускай мовы.

Аляксандр Ганчаронак: “Я лічу, што  галоўнае -  гэта змагацца з стэрэатыпамі ў галовах”
Знаёмства з мовай: адбылося ўпершыню яшчэ ў дзяцінстве, і я маю на ўвазе, канешне, жывую мову, бо тэлевізар ніяк не ідзе ў разлік.  Я проста неяк ездзіў з бабуляй у вёску і там слухаў, а потым у школе вывучаў,  але вось у сваім горадзе і ў бліжэйшым асяроддзі я не памятаю, каб гучала родная мова.

Прыйшоў да мовы, таму што цікавіўся роднай гісторыяй, палітыкай, культурай. У сталіцы пачаць размаўляць па-беларуску можна толькі сумленна, вось і я прыйшоў сумленна да гэтага. Спачатку пачаў з твітэра: пісаў некаторыя твіты па-расійску, некаторыя па-беларуску. Аднойчы напісаў твіт, што буду пісаць цэлы год выключна на мове і цяпер вось выконваю гэта абяцанне, але лічу, што буду працягваць весці твітэр выключна на мове.

Пісьменнікі падабаюцца розныя:  як класікі, так і сучаснікі . Напрыклад, Віктар Марціновіч, можна у перакладзе пачытаць Святлану Алексіевіч і іншых, але іх няшмат. Караткевіч колькі напісаў легендарнага, Багушэвіч з “Дудкай беларускай”, Каліноўскі з “Мужыцкай праўдай” - вось яны разам зрабілі гэту краіну! На жаль, няма шмат часу чытаць мастацкія творы зараз, але хацелася б, каб перакладалі больш актыўна, бо грамадства крок за крокам гэтага патрабуе ўсё больш і больш.

Акружэнне: Большая частка ставіцца да мовы вельмі і вельмі станоўча, але ёсць і іншыя выпадкі. Так, напрыклад, быў блізкі чалавек, які нават адпісаўся ад мяне з-за гэтага. Безумоўна, гэта яго правы, яго выбар быць крыху прарасійскім. Але ўсё ж большасць зваротнай сувязі станоўчая. Вось, дарэчы, толькі-толькі адбыўся цікавы выпадак: ноччу шпацыраваў па горадзе і ўбачыўся з сябрам. Усё даволі непразаічна, але ён спытаў, якім  бы чынам вывучыць беларускую, дзе якія курсы знайсці і як лепш пераходзіць на мову. 

Калі дзяржава будзе за тое, каб мы больш размаўлялі на мове, то ўсё будзе добра. Я лічу, што спачатку трэба працаваць на заканадаўчым узроўні. Напрыклад, можна зрабіць тэлебачанне, кіно 50 / 50 беларускамоўнымі і таму падобнае. Тэрмін - некалькі гадоў, але рэальнай працы.


Таццяна Коршык: «Шмат працы трэба зрабіць, каб беларусы пачалі размаўляць па-беларуску»
Знаёмства з мовай: гэта была “Чытанка”( невялічкая кніжачка беларускамоўных аповедаў і вершаў розных аўтараў). Яе часта чытала мне мама, калі я была яшчэ зусім малая. Пасля мы разам вучылі з яе розныя вершы. Першае, што прыходзіць у галаву -  гэта аповед пра маленькую Таню. Яна схапіла сняжынку ў свю рукавічку; сняжынка была вельмі прыгожая і Таня захацела паказаць яе маме. Яна так хутка бегла, каб паказацаць яе і потым, забегшы ў хату, сказала: "Мама, глядзі, што табе пакажу". Але там ужо нічога не было...

Прыйшла да мовы: я бы сказала, што гэта быў дастаткова доўгі шлях фарміравання пазіцыі, стаўлення да гэтай мовы. Па першае, я вучылася ў беларускамоўнай школе да 9 класа. Пасля, паступіўшы ў МДАЛ (Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй – прым. аўтара), я зразумела, што часам яе не хапае. Вось толькі ў такія гадзіны адчуваеш, наколькі яна блізкая, наколькі яна стала часткай твайго жыцця. Па-другое, напэўна, гэта лёс. З 4 класа я ўдзельнічала ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Вось так з 4 па 11 з неверагоднай колькасцю перамог. І гэта не азарт. Гэта ўжо патрэбнасць: патрэбнасць у мове. Праз увесь гэты перыяд алімпіяд ты ведаеш амаль кожны закавулак мовы, ты захапляешся літаратурай. Здаецца, што без яе немагчыма. Гэта было б вельмі банальна сказаць, што я захапляюся яе мілагучнасцю і праўдзівасцю, хаця гэта і праўда.  Хутчэй яна проста, як кажуць, пакарыла маё сэрца.

Акружэнне: зараз я не размаўляю кожны дзень па-беларуску, проста па той прычыне, што гэта нейкі хаос, калі вакол цябе ўсё на рускай мове і вучышся на рускай. Часам з сябрамі, з якімі пазнаёміліся на алімпіядзе, размаўляю толькі па-беларуску. Калі гэта ў аўтобусе, напрыклад, то людзі могуць проста незразумела паглядзець, могуць усміхнуцца, могуць нават часам адказаць "дзякуй" (тады здаецца, што мову можна параўнаць з заразай у добрым сэнсе гэтага слова) . Увогуле рэакцыя заўсёды розная.

Беларуская мова - родная. Для мяне яна - аснова беларусаў. Як непасрэдна французская мова - для французаў і так далей. Тут можна сказаць шмат чаго з гісторыі, бо вельмі шмат было зроблена, каб яна дайшла да нас. І яно таго каштавала.

Пісьменнікі: шмат, але больш за ўсё люблю Караткевіча. Сплаў гісторыі, захаплення, перажыванняў і бясконцай любові да самога аўтара, да мовы, да краіны.

Шмат працы трэба зрабіць, каб беларусы пачалі размаўляць па-беларуску. Але я лічу, што ўсё пачынаецца з маленькага ўзросту. Добра памятаю, як яшчэ ў дзіцячым садку нам прыносілі ежу, і мы ўсе дружна казалі "ДЗЯКУЙ". Гэта было нормай. Мы нават яшчэ не разумелі, што ўжо ў нашым ужытку ёсць беларускія словы. Школы - менавіта там можна закласці добры фундамент і аснову мовы. Гэта маё стаўленне. У школе фарміруюцца нават па-за свядомасцю твае адносіны да той ці іншай мовы. 


Ярамір Лобач: “Гэта мова маёй краіны і маіх продкаў”
Знаёмства з мовай: фактычна здарылася з самага нараджэння. У сям'і мы размаўляем выключна на беларускай мове і таму мне ніколі не хацелася пачаць размаўляць па-руску. Наадварот, гэта дае яшчэ большы стымул размаўляць i дапамагаць размаўляць iншым (калi ёсць адпаведнае жаданне, канешне).

Акружэнне  слухае мяне з  зацікаўленасцю. Некаторыя пачынаюць задаваць пытанні на адпаведную тэму. Але ніколі не было негатыўнай рэакцыі ці чагосьці накшталт гэтага.

Пісьменнікі: Раю "Дзікае паляванне караля Стаха" У. Караткевіча за фантастычны сюжэт, "Хам" Э. Ажэшкі за лёгкасць напісання, вершы Багдановіча за іх непаўторнасць і мілагучнасць.

Беларуская мова – родная:  па-першае, я -  беларус. Гэта мова маёй краіны і маіх продкаў. На жаль, пра такія натуральныя рэчы ўсё больш забываюць. Па-другое, я атрымліваю пэўную асалоду ад размовы хаця б таму, што мне падабаецца яе меладычнае гучанне. Трэцяе, але не менш важнае, мае бацькі з самага нараджэння выхоўвалі і гадавалі мяне выключна на беларускай мове (за што я ім, дарэчы, вельмі ўдзячны).

Беларусам дапаможа больш размаўляць па-беларуску шмат чаго. Па першае, улада. Як мінімум на палову ўсё залежыць менавіта ад яе. Пазіцыянаванне важнасці ўжывання роднай мовы, змены ў сістэме адукцыі і палітычным курсе, фінансаванне культурнай сферы, - усё гэта пазітыўна паўспрыяе на ўжыванне мовы народам. Кардынальныя перамены ў свядомасці людзей будуць бачныя толькі ў доўгатэрміновай перспектыве, але ўсё ж. Па другое, народ. Варта асэнсоўваць важнасць праблемы самому і старацца на яе паўплываць. Трэба адкінуць прадузятае стаўленне (у многіх яно ёсць) і заняцца справай. На дапамогу прыйдуць бясплатныя курсы "Мова нанова", адмысловыя сустрэчы ды цудоўная беларуская літаратура. Па-трэццяе, маркетынг. 2016 год яскрава паказаў, што беларуская культура можа быць не толькі прыгожай, але і стыльнай, беларускамоўная рэклама мае вялікую фінансавую эфектыўнасць, а беларускі народ ва ўсім гэтым зацікаўлены. Прыкладам гэтага з'яўляецца папулярызацыя цішотак з арнаментальнай графікай, вышыванак, масавасць беларускамоўнай рэкламы, шалёная зацікаўленасць раней забароненым гуртам Brutto. Самае важнае, што ўсё гэта цікавіць наш народ. Таму я лічу, што знаходзімся мы на правільным накірунку і спадзяюся на лепшае.


Валерыя Фядотава: “Усе спрабуюць мне адказваць таксама па-беларуску, што не можа не радаваць”
Пазнаёмілася з мовай, як і ўсе дзеці на занятках ў школе. Калісьці ў 11 класе мы з сяброўкай у адзін цудоўны дзень (гэта было 25 кастрычніка) разважалі наконт нашых продкаў, ВКЛ, мовы і гісторыі і прыйшлі да таго, што было б выдатна паспрабаваць размаўляць па-беларуску. Нешта наконт таго, ў каго атрымаецца даўжэй, і вось прайшло ўжо 5 гадоў, але мы ўсе яшчэ беларускамоўныя і, дарэчы, не збіраемся нічога мяняць.

Акружэнне: ставіцца даволі станоўча, блізкія сябры і сваякі настолькі звыкліся, што не заўважаюць нават на якой мове я вяду гутарку, а малазнаёмым вельмі падабаецца, яшчэ не сустракала чалавека, якому б не спадабалася наша мова і тое, што на ёй размаўляюць. 

Пакуль дзяржава не захоча, каб народ пачаў размаўяць па-беларуску, - гэтага не будзе. А дзяржава ў гэтым не зацікаўлена, так што тут разважаць складана. Але трэба проста любіць сваю мову і краіну, тады і прыйдзе асэнсаванне сваей роднай мовы.

Пісьменнікі: Барадулін, Гілевіч 

****

Даволі высокай папулярасцю валодае мова ў асяроддзі выкладчыкаў нашага ўніверсітэта: нават калі яны не размаўляюць па-беларуску, то з высокай павагай ставяцца да сваіх беларускамоўных калегаў і студэнтаў. Samoe адшукала на факультэце права цікавых носьбітаў роднай мовы сярод выкладчыкаў, пацікавілася іх сапраўднай адметнасцю і нават занатавала некалькі парадаў для тых, хто толькі пачынае размаўляць на мове.

Нашымі героямі сталі Емельянчык Віктар Станіслававіч і Шафаловіч Ганна Анатольеўна.      

Ацэньваючы моўную сітуацыю ва ўніверсітэце…
Віктар Станіслававіч: зараз усё сапраўды складана. У нас чамусьці зараз прынята лічыць, што, калі ты ведаеш мову і пачынаеш размаўляць, гэта сорамна. Гэта няправільна, але гэта адбываецца цяпер не толькі ў сценах нашага ВНУ, але і ўвогуле ў краіне. Дарэчы нават на нашым факультэце я ведаю толькі адзінкі выкладчыкаў, якія стасуюцца разам са мной на мове. 
Ганна Анатол’еўна: манізм. Толькі ад некаторых выкладчыкаў зараз, на вялікі жаль, можна пачуць беларускую мову. Канешне, ёсць спробы раз праз раз сказаць штосьці, адказаць на нейкае пытанне па-беларуску, але ўсё роўна пануе руская мова.

А беларускамоўных студэнтаў ва ўніверсітэце…

Віктар Станіслававіч: зусім няшмат, але яны заўсёды ўпадаюць у памяць. Вось, напрыклад, у пазалеташнім годзе скончыла вучыцца добрая дзяўчына, якую я добра памятаю, - Вольга. Таксама цікавым прыкладам лічу хлопца – футбаліста Андрэя, які размаўляў на мове ўвесь час і паўсюль.”

Ганна Анатол’еўна: у мяне былі студэнты – лепшыя студэнты, якія сапраўды запомніліся і з якімі я дагэтуль працягваю стасункі. На той час, калі яны вучыліся на нашым факультэце, я яшчэ не размаўляла на мове, але вельмі паважала  і высока ацэньвала такіх студэнтаў, якія могуць хутка і якасна перакладаць лекцыю, адразу занатоўваць гэта і, галоўнае, разумець усё напісанае. Пры цяперашняй моўнай сітуацыі вывучэнне роднай мовы, стасункі на ёй заўсёды цягнуць за сабой як негатыўныя, так і пазітыўныя бакі…

Віктар Станіслававіч: гэта так. Мяркуючы па сабе, спачатку проста не хапае словаў, каб выразіць свае думкі. Асабліва такім людзям, як я – імпульсіўным і эмацыянальным – адразу складана хутка размаўляць на чыстай мове. Таму, калі трэба было паспрачацца, на кагосьці паўплываць адміністратыўнымі мерамі, я проста прасіў прабачэння і пераходзіў на рускую. Гэта нармалёва, калі ты можаш потым вярнуцца назад да размовы на роднай мове. У дадатак да гэтага я лічу, што чалавеку патрэбна быць маральна падрыхтаваным да таго, што з пераходам на мову ты адразу трапіш пад уздзеянне сваіх аднакашнікаў, якія будуць заўсёды спрабаваць знаходзіць у тваёй мове памылкі: там ты нешта не тое сказаў, там нешта не тое вымавіў, там не знайшоў дакладны беларускі адпаведнік. Але ж ёсць пазітыўны бок – на аднаго беларуса стане больш, і мы станем не проста насельніцтвам, а народам.

Ганна Анатол’еўна: дарэчы, заўсёды трэба памятаць, што мова залішняй ніколі не будзе. Для студэнцтва – гэта заўсёды добра:  гэта лепшыя магчымасці, гэта новы культурны свет, гэта нестарэнне мозгу і, наогул,  пашырэнне кругапогляда. Сярод негатыўных бакоў можна назваць складанасць, бо, каб пачаць размаўляць на мове, трэба выйсці са сваёй зоны камфорта, трэба пераламіць у некаторым сэнсе сябе. Цяжкасць пачынаецца з таго, што вы нервуецеся наконт таго, што неабходна працягваць стасункі з людзьмі, якія вас ужо ведаюць. Размаўляць з незнаёмцамі на беларускай мове лёгка, а вось знаёмыя ў некаторых выпадках проста могуць сказаць “говори нормально” і спрабаваць увесь час адцягнуць кудысьці назад, да рускай, утульнай ім мовы. Таму трэба шукаць сваё моўнае асяроддзе – і на гэтым паўстае таксама не мала цяжкасцяў.

Аднойчы пачуць выключна беларускую мову на факультэтах…

Віктар Станіслававіч: хочацца, канечне, у гэта верыць, але гэта занадта складанае пытанне. Мне чамусьці здаецца, што калі гэта і адбудзецца, то толькі тады, калі адбудуцца змены ў палітычным жыцці нашай краіны. Масавы пераход магчымы толькі на дзяржаўным узроўні і нават пад невялічкім прымусам, але нельга перагнуць у гэтай справе: пад гнётам нічога добрага не атрымаецца. 

Ганна Анатол’еўна: выключна – не. Пакуль што няма нават такіх планаў, таму я не лічу, што гэта можа адбыцца ў бліжэйшай перспектыве. Але, дарэчы, мова пакрыху з’яўляецца. Напрыклад, я заўважыла, што кандыдацкі мінімум здаюць па-руску, але ёсць абавязковае заданне перакласці на беларускую мову некалькі старонак іх працы.

І некалькі парадаў для тых, кто хоча перайсці на родную мову…

Віктар Станіслававіч:  па-першае, пачынаць трэба з гісторыі – проста ўбіцца ў гісторыю старажытнай беларускай дзяржаўнасці (а пачылася яна не з 1939 ці 1941 года, а шмат-шмат раней) і чытаць пабольш. Для пачатку раю кнігу Дзяружынскага “Таямніцы роднай гісторыі”, якая напісана на расейскай мове. Гэта было зроблена наўмысна, каб большая частка насельніцтва мела мажлівасць яе прачытаць. Але ён крыху спазніўся – гэту кнігу трэба было напісаць год 20-30 назад, калі людзі чыталі. Цяпер чытанне, на жаль, не так актуальна.  Па-другое, неабходна вывучыць свой радавод і хаця б да 5 калена ведаць сваіх продкаў. Не трэба баяцца быць “белай варонай” – выглядаць не так, як усе, быць годным называць сябе беларусам і проста задаваць сабе пытанне “калі не я, дык хто ж?”. 

Ганна Анатол’еўна: трэба спрабаваць! У нас ёсць шмат крыніц, у тым ліку гістарычных, з багатай мовай, таму мы не павінны апраўдвацца двухмоў’ем. Як спрабаваць? Па-першае, трэба самому заахвоціцца – і гатова. Прымусова, гвалтоўна нічога не зробіш, і не трэба гэтага, дарэчы, рабіць. Канечне, трэба разумець, што пры пераходзе на беларускую мову цябе чакае праца, праца і яшчэ раз праца. Гэта значыць, што ўвесь час вы будзеце шукаць адпаведнікі і гэта будзе пастаяннай працай над сабой. Які будзе стымул? Кожны яго шукае сам, і ад гэтага залежыць у нейкай ступені якасць і хуткасць перахода на мову.  

Напрыканцы хацелася б падзяліцца творчасцю Ганны Анатол’еўны:

За паўзабытай, паўнясфармаванай мовай,
За нескаронасцю спрадвечнае яе 
любоў ёсць, жыццяздольнасць, невясомасць--
ўсё, чаго нам так недастае.
У гэтай мовы лёс несправядлівы-- 
твой бесхрыбетны люд -- ніхто другі--
не раз цябе цураўся ганарліва... 
і  будучыняй плаціць за грахі.
****
.txt - Ганна ПахоменкаДар’я Рублеўская.

Мая Мова. Студэнты i выкладчыкi БДЭУ - пра мову у сваiм жыццi Мая Мова. Студэнты i выкладчыкi БДЭУ - пра мову у сваiм жыццi Reviewed by Unknown on 21 февраля Rating: 5

Технологии Blogger.