Пяцiгоддзе гурта Martin S. Як гэта было


Цёмным будзе той, хто лічыць, быццам не існуе добрых беларускіх і, дарэчы, беларускамоўных гуртоў. Цёмным будзе той, хто не ведае, як гучыць мова пад музычнае суправаджэнне і як праходзяць па целе хвалямі дрыжыкі ад любімай песні, якая гучыць са сцэны.
Цёмным будзе той, хто ніколі не адчуваў таго драйву, які дорыць жывы выступ любімага гурта, і ніколі не зрываў голас, спрабуючы падпяваць грамчэй за выканаўца з мікрафонам. Цёмны той, хто ніколі не танчыў, як вар’ят. 
Усё вышэй пералічанае можна было адчуць 15 сакавіка ў клубе “Брюгге” на выступе маладога менскага гурта.
Штогод адзін з самых знакамітых, амбіцыёзных і таленавітых гуртоў Беларусі Martin S. святкаваў свой дзень нараджэння на выступах пад слоганам “Неканцэрт”, але ў гэтым годзе, на сваю першую амаль круглую дату, публіку чакала шмат цікавых сюрпрызаў.
Першым стала тое, што адкрыў канцэрт сваімі рухавымі песнямі гурт InVino. Нягледзячы на вузкае кола слухачоў дадзенага гурта, музыкам атрымалася завесці залу і падрыхтаваць глебу для гарачай сустрэчы імяніннікаў. А яны, дарэчы, з’явіліся на сцэне як заўсёды ў самым лепшым настроі і з запалам зрабіць гэты вечар незабыўным.
Па традыцыі на скрыпцы граў Яўген Шэлепень , на барабанах – жыццярадасны Гера Ступакоў, на бас-гітары прыгажуня Маргарыта Медвецкая, на сола-гітары Андрэй Марчанка, на клавішах выпускнік факультэта права БДЭУ Ілля Боська, а спяваў самы харызматычны вакаліст усяго свету Уладзімір Боська.
Другім нечаканым, але вельмі прыемным сюрпрызам стала тое, што апроч неверагодных песен у сольным выкананні Уладзіміра Боська, на канцэрце выступілі ў дуэце з гуртам Martin S. такія прадстаўнікі музычнага руху нашай краіны, як Алег Хаменка (Палац), Віталь Карпанаў (Дразды), Мікіта Найдзёнаў (Hurma), Пётр Клюеў (Амплітуда смеласці), Наста Хамуцкіх (De Cuba), Уладзіслаў Ляпшынскі (Лепшы квас).
Нельга адмаўляць тое, што на танцпляцу было горача, нягледзячы нават на тое, што на канцэрце прысутнічала не толькі моладзь, але і людзі сярэдняга ўзросту. Але пад моцам той энергетыкі, якая лілася ад музыкаў, ад іх музыкі нельга было выстаяць: упершыню ты пачуў іх песні, ці некалькі год прачынаешся пад «Мала месца» на будзільніку - ўтрымацца ад танцаў было проста немагчыма.
Яшчэ адной нечаканай падзеяй стала прэзентацыя песні «Будзем жыць», якую зала сустрэла самым цёплым вобразам і нават запатрабавала «на біс». Таксама Уладзімір Боська прапанаваў сустрэцца на акустычным вечары ў «Графіці», аднак дакладную дату не назваў.
Так ці інакш, а гэты вечар, дзякуючы файнаму гурту Martin S., быў напоўнены чароўнай музыкай і вар’яцкімі танцамі, новымі знаёмствамі і проста добрым настроем. Дзякуй, Martin S., яшчэ раз віншуем з Днём Народзінаў і чакаем наступны канцэрт!
***
.txt - Дар`я Рублеўская
.jpg - Арт Сядзiба
Пяцiгоддзе гурта Martin S. Як гэта было Пяцiгоддзе гурта Martin S. Як гэта было Reviewed by Олег Полонский on 19 марта Rating: 5

Технологии Blogger.