Кожны ведае колькі амерыканскіх, расійскіх ды іншых замежных рэп-выканаўцаў, а ці зможа хто назваць прадстаўнікоў айчыннага хіп-хоп руху? Калі вам цяжка адказаць на гэта пытанне, аднак вельмі цікава было б паглядзець/паслухаць беларускі андэграўнд, то прадстаўляем вашай увазе агляд прэзентацыі дэбютнага альбома “Аднакарэнныя” ад гурта BELAROOTS, які адбыўся 10 красавіка ў кавярні “Грай”, і, канешне, знаёмімся з кожным з выканаўцаў.
Гурт BELAROOTS– гэта, як адзначаюць самі выканаўцы, спалучэнне трох творчых асобаў, аб'яднаных каранямі Радзімы, Мовы і Хіп-Хоп культуры. АГОНЬ – ПАВЕТРА – ВАДА, ЗАХАД – ЦЭНТР – УСХОД, альбо проста KONTRA – ZEMAN – ANGST.
KONTRA – Алесь Благій, удзельнік групоўкі ТАКТАК, графіці-мастак з-пад Брэста, які прадстаўляе ў гурце Захад краіны. Працы гэтага мастака абавязкова ведае кожны мінчук і госць сталіцы: гэта ён намаляваў птушак на Нямізе, сакавіцкіх катоў на сценах шмат- (і не зусім) павярховак, удзельнічаў у беларуска-бразільскім фестывалі стрыт-арту Vulica Brasil.
ZEMAN – Ягор Гаўрылаў, былы ўдзельнік гуртоў “Імператар” і “Чырвонымпа Белым”, які рэпрэзентуе цэнтр краіны. Рэп-выканаўца, які мае ў кішэні некалькі альбомаў і нямала трэкаў, з’яўляецца ідэйным натхняльнікам гурта BELAROOTS.
ANGST – Віталь Рыжкоў, літаратар і рэп-выканаўца з Магілёва, які мае даволі вялікі сцэнічны вопыт. Аматарам паэзіі гэты мастак слова можа быць знакаміты па ўдзеле ў Kyiv Poetry Week, Начах паэзіі і музыкі ад “Будзьма беларусамі” ды іншых сольных выступах.
У кожнага з трох асобаў гурта ёсць пэўны жыццёвы шлях за плячыма, нямалы творчы скарб у заплечніку, аднак у 2015 годзе яны вырашылі аб’яднацца і запісаць дэбютны трэк “Тры келіхі”, які імгненна набыў папулярнасць у слухачоў і, дарэчы, дагэтуль грае ў слухаўках беларускіх меламанаў. Далейшых крокаў ад гурта чакаць прыйшлося шмат: першы альбом “Аднакарэнныя” быў выкладзены ў сеціва 13 студзеня 2017 года. Гэты сапраўды глыбокі альбом складаецца з 14 трэкаў, у якіх адбылося зліццё тэмпераментаў, настрояў і думак сучаснасці з традыцыямі і мінулым нашай краіны, з яе традыцыямі і адметнасцямі. І вось гэтую доўгачаканую працу музыкі прадставілі ў менскай кавярні “Грай” у панядзелак, пасля чаго згадзіліся даць інтэрв’ю Samoe Radio.
Прадстаўляць дэбютны альбом для выключна ўсіх музыкаў заўсёды боязна, аднак лампавая атмасфера кавярні і “ўсе самыя блізкія”, якія не паленаваліся прыехаць у сталіцу ў панядзелак, упэўнілі выканаўцаў, што яны рухаюцца ў верным напрамку. Па-іншаму і не магло быць: кожная песня з “Аднакарэнных” кранае сваёй шчырасцю і набывае асабісты, нават інтымны сэнс для слухачоў. Аднак гэты альбом не самотнік, таму ўсе прысутныя танчылі як мае быць.
Выканаўцы адчувалі сябе да такой ступені ўпэўненымі, да такой ступені “на сваім месцы”, што не бачылі межаў паміж сцэнай і танцпляцам. А гэта, на нашу думку, самае прыемнае для слухача, бо што можа быць прыемней, чым жывы выканаўца трэкаў побач з табой на пляцоўцы? Відаць, толькі шмат запрошаных гасцёў, сярод якіх Зміцер Вайцюшкевіч, SPKavaі іншыя. У натоўпе слухачоў мажліва было прыкмеціць такіх прадстаўнікоў медыя-прасторы, як Мікіта Найдзёнаў (лідар гурта Hurma), Наста Пілюгіна (беларуская блогерка). Усе без адрозненняў лавілі асалоду ад моцнага беларускага слова, зрыфмаванага ў трэках, ад шалёнасці выканаўцаў, іх пачуцця гумару (не абыйшлося без жартачкаў і анекдотаў) і любові да таго, чым займаюцца. Як-ніяк, а трэба надта любіць сваю музыку і слухачоў, ні кроплі не шкадаваць сябе, каб пасля двухгадзіннага канцэрта праспяваць “яшчэ па адной”, а потым зачытаць без музыкі новы трэк.
Мы запыталіся ў слухачоў пасля канцэрта наконт іх уражанняў ад музыкаў, іх трэкаў і ўвогуле атмасферы канцэрта:
Віталь: трапіў на канцэрт не выпадкова, бо сачу за гэтым гуртом яшчэ “ад вытокаў” – сольнай творчасці Zeman’a, Angst’a. Я лічу, што BELAROOTS на сённяшні дзень з’яўляюцца самымі сталымі, зрэлымі і цікавымі рэп-выканаўцамі, “узнімаюць беларускі андэграўнд дагары” (словы з песні BELAROOTS “Дагары”, прым. аўтара). Мне проста неверагодна спадабаліся той запал і энергія, якія на працягу ўсяго канцэрта ішлі ад хлопцаў. Цяпер зрэдку ўбачыш такі імпэт у музыкаў. Спадзяюся, што хутка будуць яшчэ такія канцэрты і новыя трэкі.
Колькі б не было стэрыятыпаў наконт таго, што рэп – музыка не для дзяўчынак, на канцэрце было досыць прадстаўніц жаночай паловы самага рознага ўзросту.
Вольга: Бясконца люблю “барадаты рэп” Zeman’а, яго стыль выканання. Канешне, па постаці відаць ягоны вопыт і загартоўка, але ні Angst, ні Kontra не саступалі Ягору ў энергетыцы. У неверагодна яскравай, запальваючай энергетыцы! На канцэрце было прыемна бачыць, як усе падпявалі трэкі, як патрабавалі не скончваць спевы і працягваць яшчэ і яшчэ. Што тут казаць? Хлопцы вялікія малайцы, бо робяць вялікую справу, і сваёй выдатнейшай працай сапраўды заслужылі такога драйву, які ішоў ад залы.
Пасля гарачага выступа SRатрымалася задаць выканаўцам некалькі пытанняў і бліжэй пазнаёміцца. Перш за ўсё, мы не маглі не пацікавіцца з першых вуснаў наконт перадумоў аб’яднання музыкаў у новы гурт:
Angst: Увогуле, гэта была ідэя Ягора Zeman’a. Што датычыцца мяне, то быў незавершаны юначы гештальт: хацелася пачытаць рэп. Я нават пачаў было пісаць свой альбом, але хуценька яго і забракаваў – такі ўзровень самакрытыкі, стаўленне да самога сябе і сваёй творчасці. Таму прапанова Ягора прыняць удзел у праекце BELAROOTSбыла добрай нагодай і магчымасцю больш метадычна з’яўляцца на студыі і займацца стварэннем трэкаў. Я згадзіўся з радасцю.
Zeman: Па-першае, пачалося ўсё ад назвы. У 2014 годзе мяне нападкала ідэя, больш падобная на каламбур. Я проста сядзеў і ў галаве круцілася Беларусь, Беларусь, Беларусь і раптам – BELAROOTS. Адразу залез у Інтэрнэт, пашукаць, ці ёсць што падобнае. Вынікі былі такія: калісьці была бразільянка Бэлла Рутц і нейкі амерыканец. Але для сябе я ўсё ж такі прыдумаў гэту канцэпцыю сам, таму вось з гэтага, я лічу, і пачалася наша гісторыя – своеасаблівая кропка адліку. Спачатку я думаў зрабіць сольны альбом з такой назвай, але ж у мяне на той час толькі-толькі выйшла “Коска” і таму гэта было складана. Але ж я не разгубіўся і падумаў: чаму б не зрабіць такі гурт? Ідэя была файная, але адно пытанне, як гэта заўсёды бывае, выклікае шэраг наступных: але ж каго браць, хто будзе са мной па-беларуску? Адразу была прапанова да Вожыка, але ён штосьці адмовіўся.
Убачыўшы вялікую колькасць дзяўчат на канцэрце, іх задавальненне і вар’яцкія танцы, мы палічылі дарэчным пачуць меркаванне наконт гендэрнага пытання ў хіп-хоп музыцы.
Zeman: Я нават не ведаю, каб у нас на Беларусі было шмат дзяўчынак, якія б чыталі рэп. Але ж мажліва ўзгадаць Кэт, ды прынамсі дзявочы гурт “Прадмова” з Магілёва. Дарэчы, у нас тут сёння Камілла была, якая таксама чытае крыху, таму я б не сказаў, што дзяўчынкі не могуць чытаць.
Angst: Насамрэч я стаўлюся досыць прыязна да гэтай з’явы. Я раз-пораз сустракаў, асабліва сярод брытанскіх дзяўчат-выканаўцаў, клёвых МС. Мне здаецца, што тут такая справа адбываецца: любому выканаўцу трэба паказаць як працаваць і проста пачаць дзейнічаць. Таму любой дзяўчыне, якая хоча чытаць рэп, не страшыцца спрабаваць і метадычна займацца, трэба проста паказаць метады, як знайсці свой голас, і працаваць, працаваць, працаваць. Гэта сапраўды цікава, крыху цяжка, але вельмі важна. І ўвогуле: я супраць гендэрнай няроўнасці! У нас у заканадаўстве ёсць такі закон, які забараняе жанчынам уладкоўвацца на працу, дзе трэба паднімаць цяжкі груз. Рэп да гэтых месцаў не адносіцца, у рэпе можна падымаць мікрафон – ён не такі цяжкі.
На музычны шлях у нашай краіне зараз усё больш і больш вырашаюцца не толькі падлеткі, але і даволі сталыя музыкі. Мы папрасілі выканаўцаў скласці персанальны “топ” маладых беларускіх гуртоў і вось што пачулі:
Angst: Мне вельмі падабаецца гурт SnopSnoü. Таксама сімпатэзуе гурт Vuraj. Як відаць, мяжа паміж маладымі і заслужанымі даволі размытая, таму я ўсё ж такі рызыкну назваць сярод улюбёных такія гурты, як NiZkiZз Магілёва, Akute. Кропка К. – адзін з маіх любімых маладых псіхадэлікаў. Можна прыгадваць яшчэ імёны і прозвішчы, але вось менавіта гэтыя мне згадаліся першыя.
SR атрымалася даведацца некалькі сакрэтаў наконт бліжэйшых планаў музыкаў:
Angst:Ужо актыўна абмяркоўваем канцэпцыю другога альбома. Трэкі, якія просяцца, мы ўжо таксама накідваем, падбіраем і, дарэчы, адзін з тых, які апынецца ў наступным альбоме, вы сёння чулі на канцэрце – “Па апошнiм”. Ён не планаваўся, але ўсё ж такі быў выкананы. Ну, карацей: чакаць другога альбома!
***
.txt - Дарья Рублеўская
"Узнімаюць беларускі андэграўнд дагары". Агляд прэзентацыi альбома хiп-хоп гурта BELAROOTS
Reviewed by Unknown
on
16 апреля
Rating:
