SR-поход. Тэатральны куфар. Дзень шосты


“Тэатральны куфар” працягвае ўражваць гледачоў сваімі пастановамі. Здаецца, сцэна ліцэя БДУ бачыла ўсе магчымыя спектаклі, але калі вы думаеце так, то моцна памыляецеся. 26 верасня, ў шосты конкурсны дзень, гледачоў чакала жорсткая, псіхалагічная, але незвычайна захапляльная пастанова.



Цемра, цішыня – і вас палохаюць гукі стральбы, вы – у эпіцэнтры падзей. Тэатральная пастанова, больш падобная на галівудскі экшн, адразу збівае з вас той шчаслівы настрой, з якім вы трапілі ў залу. Яна палохае, але інтрыгуе, адразу прымушае ўслухвацца ў кожнае слова герояў.

Перад вамі – тэатр “На філфаке” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пастанова “Піф-паф – ты мёртвы!” па аднаіменнай п’есе Уільяма Мастрасімоне паказвае нам гісторыю падлетка, які аднойчы вырашыў, што самы просты спосаб вырашэння праблем – забойства. Забойства не сябе, а тых, хто цябе крыўдзіць.





П’еса кранае да глыбіні душы: паднімаецца вострасацыяльная тэма здзекаў над падлеткамі ў школе з боку аднакласнікаў. Тэма складаная, але ў той жа час актуальная. Мы бачым, як чалавек поўніцца агідай і як маленькая кропелька можа прывесці да самага страшнага. Адзін рух – і ты проста ўзарвешся.




Самае цяжкае – выразіць усе тыя эмоцыі і пачуцці сваіх герояў, але тут, здаецца, акцёрам можна даваць “Оскар” не задумваючыся. Яны не проста сыгралі, яны пражылі лес сваіх герояў: тых, каму прызначана было памерці ў 17 год; таго, каго ў школе звалі не інакш як “клоўнам; бацькоў, якія занадта мала цікавіліся жыццем свайго сына.






Моцная, неверагоднай глыбіні пачуццяў пастанова дае нагоду на хвілінку задумацца аб такіх важных праблемах, як непаразуменне і агрэсія сярод падлеткаў. Мабыць, таму рэжысер Кацярына Тананайка і зрабіла стаўку на праблематыку, спадзяючыся выклікаць ў сваіх гледачоў спачуванне і спагаду.

.txt - Настасся Лындава
.jpg - Настасся Лындава
SR-поход. Тэатральны куфар. Дзень шосты SR-поход. Тэатральны куфар. Дзень шосты Reviewed by Unknown on 29 сентября Rating: 5

Технологии Blogger.