SR-поход. Тэатральны куфар. Апошні дзень фестывалю.



На працягу тыдня журналісты Samoe Radio сачылі за Міжнародным фестывалем студэнцкіх і моладзевых тэатраў «Тэатральны куфар 2017». Мы рабілі цікавыя агляды, збіралі самыя свежыя ўражанні гледачоў і ўдзельнікаў, складалі самыя сакавітыя фотарэпартажы толькі з адной мэтай – паказаць тым, каму не давялося трапіць на фестываль, што там сабраліся толькі лепшыя моладзевыя тэатры з усяго свету.







Апошні дзень фестывалю стаў яскравай кропкай на фоне астатніх. Тэатр аднаго героя – менавіта так можна назваць пастанову, якую прапанаваў нам тэатр «ORZUArts» з Лондана. Драма “Медэя. Адхіленая”, якая трымаецца толькі на неверагоднай пластыцы актрысы і яе пранікнёным маналогу, прымусіла ўсю залу затаіць дыханне і толькі назіраць.


  

Гісторыя, якая так удала спалучае у сабе міф і суровую сучаснаць. Медэя, прагнаная, адрынутая і абражаная, чакае навін ад свайго каханага, зноў і зноў аднаўляючы ў памяці свой лёс. Яна страціла абсалютна ўсе, акрамя яе пакутлівага кахання. Яна аднойчы пазнала радасць кахання і губіцельнае ачараванне пачуццямі. Яе драма ў тым, што яна асуджана кахаць таго, хто не кахае яе, хто здрадзіў ёй. І тут, як справядліва адзначыў рэжысер, вобраз Медэі ўвасабляе сабой не толькі міфалагічны персанаж, але і любую жанчыну. Па сутнасці, кожная жанчына – Медэя, са сваей гісторыяй і сваім болем.




Безумоўна, зоркай п’есы стала сама выканаўца яе адзінай і галоўнай ролі, бязмежна таленавітая актрыса са Швейцарыі, якая проста ўзрывала залу сваім голасам, поўным суму, агіды і неваказанага болю. Немагчыма не адзначыць яшчэ і незвычайныя дэкарацыі: рознакаляровыя фарбы, якімі ў парыве злосці абмазвала сябе жанчына; белая тканіна сукенкі, якую яна так прагла забрудзіць, як яе каханы калісьці забрудніў яе саму; каляровыя вадапады, якія абрушваліся на Медэю і быццам змывалі яе боль, аблягчалі пакуты; драўляны слуп, які служыў ей апорай, калі сама яна зусім не магла трымаць сябе на нагах.




Можна смела заявіць, што п’еса была абсалютна бездакорнай. Той рэдкі выпадак, калі гарманічна і беспамылкова спалучыліся аўтарская задума і ідэальнае выкананне. Магчыма, адзіным недахопам для некаторых гледачоў стала адсутнасць субтытраў, бо пастанова была выключна на англійскай мове. Але, трэба адзначыць, выкананне было настолькі моцным і настолькі насычаным эмоцыямі, што зразумець яго можна было на ментальным узроўні.
Адназначна, пастанова заслужыла 5 балаў. Не знайшлося нікога, чыю б душу не кранула ці нават не ператрэсла б споведзь Медэі, загнанай у кут сваімі ўспамінамі. Адчай і безвыходнасць яе становішча выклікалі сапраўдныя моцныя эмоцыі ў гледачоў.




Вось такім запомніўся нам «Тэатральны куфар 2017» : яркі, моладзевы, крэатыўны, рознапланавы, цікавы. Таленавітыя акцеры, моцныя самадастатковыя пастановы, прыгожыя дэкарацыі і насычаная тэатральная праграма далі магчымасць кожнаму дакрануцца да гэтага дзіўнага віду мастацтва і на хвілінку стаць часткай вялікай міжнароднай тэатральнай сям’і.
Нагадаем вам, што поўны агляд фестывалю вы зможаце знайсці ў нашых публікацыях:



Фотасправаздача, дзень чацверты - https://vk.com/samoe_radio?w=wall-31905172_10709
Дзень шосты - http://www.samoeradio.by/2017/09/teatralnykufar6.html


. txt - Настасся Лындава
.jpg - Настасся Шурхай
SR-поход. Тэатральны куфар. Апошні дзень фестывалю. SR-поход. Тэатральны куфар. Апошні дзень фестывалю. Reviewed by Unknown on 29 сентября Rating: 5

Технологии Blogger.