SR-паход: акустычны кватэрнік "Лепшага Квасу"


Пачуўшы аб фармаце кватэрніка, хтосьці адразу ўзгадае забароненыя выступы санграйтэраў-рэвалюцыянераў у 90-х. Але абшарпаныя шпалеры, таннае піва ды нечаканыя грукаты міліцыянтаў у дзверы засталіся там жа, у ліхіх. Сучасны выгляд кватэрніка зусім іншы. Мы ўпэўніліся ў гэтым разам з рубрыкай SR-паход, наведаўшы акустычны кватэрнік сталічнага гурта “Лепшы Квас”.


1. У чым увесь сок.

Ноч. Дождж за вокнамі. Гітара. Яркі плед на каленях ды гарбата ў тэрмакубках. Рамантыка? А калі дадаць прыгожых хлопчыкаў, якія не толькі спяваюць, але і проста гутараць, жартуюць са сваімі слухачамі ва ўтульнай студыі? На нашу думку, атрымаецца максімальна нязмушаны фармат выступу.


Дэкарацыі, магчыма, і не самае галоўнае на канцэртах, але на кватэрніку ў сераду кожная дэталь спрыяла стварэнню амаль сямейнай атмасферы: дробная гірлянда на падлозе, прыглушанае святло, пахучая свечка, чорныя фіранкі на вокнах.


Але галоўным аздабленнем, натуральна, былі музыкі. “Лепшы Квас” падчас выступу ўзгадаў старыя, але ўсімі ўлюбёныя песні, прадставіў навінкі ды нават паспеў сыграць каверы на развітанне.


2. А як наконт разынкі?

Амаль кожны канцэрт гурта суправаджаецца сумесным выступам з спецыяльна запрошаным госцем. Так, напрыклад, “Лепшы Квас” ужо выступаў з Мікітам Найдзёнавым, Віталем Рыжковым, Вожыкам. У гэты раз на кватэрніку ў сераду з музыкамі заспяваў Алесь Снег – аўтар песень, кіраўнік Арт Сядзібы і проста добры сябра гурта.

3. Не без лыжкі дзёгцю.

Магчыма, хлопцы “Лепшага Квасу” не чакалі, што збяруць на кватэрніку столькі людзей, таму і абралі невялічкую студыю. І зрабілі дарма. Месца хапіла ўсім, але ж добра відаць і чуваць было не кожнаму.


4. Прысуд: торт.

Калі верыць музыкам, канцэрт яны гралі без падрыхтаванага загадзя трэк-ліста. Цалкам магчыма, бо на працягу ўсяго кватэрніка дзейнічала “Праграма па заяўках”: кожны слухач мог прапанаваць сыграць тую ці іншую песню альбо задаць пытанне, якое яго найбольш цікавіць. Гэта, бадай што, найбольш уразіла і здзівіла.


Калі вы яшчэ не ведаеце песень гурта “Лепшы Квас”, то Samoe Radio настойліва рэкамендуе пазнаёміцца з творчасцю музыкаў. Дарэчы, 14.11 саліст гурта Уладзіслаў Лепяшынскі выступае ў рэстарацыі на Валадарскага, 7 а 20 гадзіне. Уваход вольны. Прыходзьце, атрымлівайце асалоду ад пельменяў ды выдатнай музыкі!

.txt - Дар'я Рублеўская
.jpg - Ганна Пахоменка
SR-паход: акустычны кватэрнік "Лепшага Квасу" SR-паход: акустычны кватэрнік "Лепшага Квасу" Reviewed by Дарья Рублевская on 13 октября Rating: 5

Технологии Blogger.