Напэўна, немагчыма не заўважыць, што значную частку сваiх беларускамоўных артыкулаў Samoe прысвячае яркiм і драйвовым выступам беларускiх гуртоў, робiць агляды на перфомансы спевакоў i спявачак, чые канцэрты нязменна прыцягваюць увагу моладзi (і не толькi!). Гэта, вядома ж, нездарма. Проста мы абсалютна ўпэўненыя, што Беларусь - краiна вельмi музычная i багатая на таленавiтых людзей, па вушах якiх мядзведзь, вiдавочна, не танчыў. Ну а для тых, хто хоча не паверыць, а праверыць, мы прадстаўляем артыкул пра беларускiх музыкаў, якiя заваявалi сэрцы не толькi мясцовай, але i замежнай аўдыторыi.
I пачынаецца наш спiс знакамiтым гуртом Бі-2.
Кожнаму гэты калектыў знаёмы па-свойму. Хтосьці памятае іх як выканаўцаў кампазіцыі “Большие города” ў легендарным “Брат 2“, хтосьці ўважліва прыслухоўваўся да саўндтрэкаў фільма “Пра што гавораць мужчыны”, ну а хтосьці стараецца паспяваць за музычнымі навінкамі рок-н-рольшчыкаў і не прапускае ні аднаго канцэрту ў Мінску. Трэба заўважыць, на шчасце апошніх, Бі-2 ужо традыцыйна штогод прывозяць сваё шоу ў беларускую сталіцу.
А, між іншым, доўгая і захапляльная гісторыя гурта пачалася ў 1985 годзе ў Бабруйску - на радзіме заснавальнікаў і салістаў Шуры і Лёвы Бі-2. Маладыя аматары тэатра абсурду знайшлі адзін аднаго і стварылі неверагодны творчы калектыў. Пасля гэтага будучыя знакамітыя музыкі шукалі натхненне і перспектывы ў Ізраілі і Аўстраліі. З тых часоў Бі-2 сталі неад’емнай часткай рускамоўнай музыкі, а ў іх творчасць закахаліся тысячы людзей па ўсім свеце. Сучасныя туры гурта з беларускімі каранямі ўключаюць доўгія спісы гарадоў ад Уладзівастока да Лондана і Нью-Ёрка.
Дарэчы, захапляць публіку калектыву сапраўды ёсць чым: новыя крэатыўныя і крыху шалёныя ідэі песен і кліпаў нараджаюцца так хутка, што незразумела, як толькі паспяваюць музыкі ствараць і ажыццяўляць новыя шоу. Толькі за апошнія гады ў Мінску адгрымелі “16+”, “Кватэрнік” і “BestOf”, а ўжо ў кастрычніку фанатаў накрыла новай хваляй рок-н-рольнага шчасця: Бі-2 прэзентавалі дзясяты альбом “Горизонт событий”. Карацей, калі вас цікавяць лайкі, віскі, лётчыкі і хорары ў гогалеўскім стылі - смела звяртайце ўвагу на музычную навінку.
А цяпер надышла чарга дыска-кампаніі Iowa.
“Маршрутка”, “Улыбайся”, “Песня простая”…Гэты музычны арсенал ведаюць усе. А ці ўсе ведаюць, што гурт нарадзіўся ў Беларусі? Вось вам факт: калектыў быў створаны ў 2007 годзе ў Магілёве. У 2010 пасля шэрагу атмасферных канцэртаў гурт вырашыў пераехаць у гэты горад, дзе музыкі жывуць і працуюць і сёння.
Акрамя запальных танцаў і кожнаму знаёмых рытмаў, Iowa знакамітая тым, што выпусціла альбом у дзвюх частках , першая з якіх – Export - убачыла свет у лістападзе 2014 , а ў нядаўнім часе быў прэзентаваны Import, з тымі ж героямі, акордамі, пошукамі новых творчых рашэнняў.
У 2012 гурт прадстаўляў Расію на конкурсе «Новая волна», дзе атрымаў спецыяльны прыз “Выбар слухачоў Love Radio». Але і беларускія прэміі не абыходзяць творчы калектыў увагай. Iowa атрымала званне “Адкрыццё года” і прыз «За папулярызаванне беларускай музыкі за мяжой» на нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра».
Трэба таксама сказаць, што музыкі працягваюць здзіўляць сваіх прыхільнікаў. Па-першае, гурт плануе пашырыць склад удзельнікаў. Па-другое, Каця Іванчыкава са сваёй камандай запісала саўндтрэк да фільма «Легенда о Коловрате» разам з салістам гурта System Of A Down Сержам Танкянам. Таму ўсім зацікаўленым застаецца толькі крышачку пачакаць да прэм’еры, каб ацаніць моц творчага дуэту.
Яшчэ адзін беларускі праект, які прыцягнуў увагу замежнай публікі - ЛСП.
Так, так, той самы, які стаў госцем шоу “ Вечерний Ургант”. Калі вы не ведаеце, хто такія ЛСП — спытайце ў сяброў і адназначна пачуеце шмат адказаў, бо гэта шалёна папулярны беларускі гурт на постсавецкай прасторы сярод дзяцей і моладзі ад 10 да 20 гадоў. Апошні іх кліп толькі на ютубе паглядзела больш за 15 мільёнаў чалавек, а ў туры ўсе клубы збіраюцца бітком ад 500 чалавек у малых гарадах да некалькіх тысяч у мегаполісах.
Адзначым,што зусім нядаўна калектыў збіраў менш за тысячу слухачоў на невялічкіх пляцоўках Масквы і Пецярбурга. З таго часу гурт спрабаваў новыя вобразы, гучанне і канцэпцыю. І зараз на восеньскія канцэрты ўжо прададзеныя ўсе квіткі, а ЛСП будуе грандыёзныя планы замахнуцца на самыя славутыя расейскія сцэны.
Таксама паспяхова працуе ў Беларусі і за яе межамі Макс Корж.
Нарадзіўся выканаўца на Бярэстчыне, а музычны шлях пачаў у гурце, што чытаў рэп на беларускай мове. Калектыў прэзентаваў інтэрнэт-альбом “Размаўляй са мной па-беларуску”, а ў 2007 г. далучыўся да мінскай андэрграўнд-тусоўкі M.U.Skool. Потым “малы пасталеў” і запісаў хіт “Небо поможет нам”. З гэтага часу пачалася кар’ера папулярнага выканаўцы: дэбютны альбом выйшаў вясной 2012, і ў тым жа годзе Макс Корж стаў супрацоўнічаць са знакамітым расейскім лэйблам “Respect Production”. Зараз Макс мае салідную аўдыторыю ў Расіі і краінах СНД, з задавальненнем прымае ўзнагароды расейскіх тэлеканалаў, але галоўным момантам сваёў творчасці на сённяшні час лічыць выступленне ў 2013 г. у мінскім Палацы Спорту. Тады на канцэртКаржа прыйшлі шэсць тысяч чалавек, што падтрымала “баявы” настрой выканаўцы, які пасля гэтага паспяхова збіраў поўныя залы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Кіеве.
Пра густы, вядома ж, не спрачаюцца, але тысячы людзей у нашай краіне і за яе межамі любяць музыку, танцы, энергію і захапляльныя шоу, вытокі якіх знаходзяцца ў Беларусі. З разуменнем гэтага, нам падаецца, крышку цікавей сачыць за апошнімі музычнымі навінкамі.
Samoe спадзяецца, што вы не стаміліся падчас чытання, а для тых, хто лічыць, што наш артыкул, як улюблёны серыял, заканчваецца на самым цікавым, скажам: “Маеце рацыю!” З гэтай нагоды абвяшчаем артыкул часткай нумар 1 і пакідаем тут загадкавае to be continued…
.txt - Настасся Карэсташова
#маямова: беларускія спевакі за мяжой. Частка першая
Reviewed by Unknown
on
15 октября
Rating:
