“Тыя, хто славіць”. SR-паход пра гурт LAUDANS


Ведаеце, ёсць такія канцэрты, куды прыходзіш не пакрычаць зрываючы голас, не павесяліцца ў шумнай кампаніі пад гучную музыку, не адарвацца па поўнай, а проста растварыцца ў цёплай лірычнай музыцы і адпачыць ад штодзённай мітусні. У Мінску, падаецца, такія імпрэзы немагчымыя. Тут усе кудысьці спяшаюцца, ляцяць, час бяжыць з неймавернай хуткасцю, з-за праблем і мітусні усё падае ў бяздонную прорву. Дзе дастаць той глыток свежага паветра, куды збегчы ад гэтага замкнёнага кола? Здаецца, Samoe Radiо знайшло адзіны адказ на гэтыя пытанні. 


Вы ж памятаеце гэтую вечную праблему розных добрых казак, фільмаў, калі галоўныя героі ў пошуках свайго шчасця праходзяць тысячу дарог, змагаюцца з драконамі, а з праўдзівага шляху іх збівае ўсякая нечысць? Наш шлях да добрай музыкі таксама быў вельмі цярністым і даўгім. Вы ўжо схадзілі за папкорнам? Слухайце. У адным шумным метро познім халодным восеньскім вечарам сустрэліся два доблесных вандроўніка - журналіст Карына і фатограф Марыя. Добры мудрэц даў ім вельмі складанае заданне: знайсці месца па адрасе Бельскага 15, дзе выступаюць найталенавітыя артысты. Такім чынам, Карына і Маша адправіліся ў далёкае падарожжа, яны блукалі па палях, хадзілі па лясах, пераплывалі мора з расталага снегу, і нарэшце адшукалі! Нейкім цудам на гэтае месца былі накладзеныя нейкія злыя чары, нашы вандроўцы хадзілі-хадзілі вакол будынка, а ўваход знайсці ўсё не атрымлівалася. Лёс даў ім падказку. На сцяне будынка вісела карта, але патрэбнае месца было быццам бы сцёрта з яе. На шчасце, прыгожая прынцэса вырашыла дапамагчы доблесным вандроўцам ў пошуку шляху. І завяла іх да патрэбнага залу. Жарты жартамі, а заблудзіцца ў трох соснах не самы прыемны занятак. 


Але, што мы ўбачылі калі зайшлі! Неверагодна прыгожая, утульная зала, дзе гарманічна пасялілася хатняя ўтульнасць і цеплыня. Музыкі частавалі ўсіх гарачай гарбатай і вельмі смачным печывам. Усюды панаваў такі настрой, што здавалася, быццам ты прыйшоў на свята да сваіх блізкіх. 




Што вельмі ўразіла, на канцэрт прыходзілі людзі абсалютна розных узростаў. Гледачы былі цэлымі сем'ямі, дарослыя прывялі з сабой зусім маленькіх дзетак, некаторыя прыносілі кветкі. Кожны момант хацелася занатаваць, спыніць час і атрымаць асалоду ад атмасферы.


Артысты размаўлялі з публікай на роўных, дапамагалі адчуваць сябе як дома. У гэтай хатняй утульнасці і пачаўся канцэрт. Мы пабывалі ўжо на многіх канцэртах сапраўды таленавітых груп, але такога збліжэння артыста і публікі не бачылі нідзе. Выступленне праходзіла як своеасаблівы дыялог блізкіх душ. Музыканты пры любой магчымасці ўзаемадзейнічалі з публікай. Яны і спявалі, і танцавалі разам, махалі рукамі, шукалі правільны шлях і ўдзельнічалі ў конкурсах.


Вельмі захапіла тое, што дуэт атрымлівае задавальненне ад сваёй справы, іх натхненне, настрой пераходзіць з дапамогай песні ад аднаго сэрца да іншага, запаўняючы душу толькі добрымі пачуццямі. Ідэальны голас вакаліста і прамяністая ўсмешка піяністкі грэлі сардэчка такім халодным вечарам. 


Неверагодна пацешыў той факт, што артысты спяваюць толькі на беларускай мове. Наша  мова сапраўды меладычная, яна выдатна кладзецца на музыку, успрымаецца сэрцам як нешта чыстае і вельмі роднае. Тэксты песень не проста прыгожыя, але і нясуць у сабе вельмі актуальныя для ўсіх часоў тэмы: Бог, любоў, родная зямля, жыццё. Менавіта таму, у дуэта ўжо ёсць шмат прыхільнікаў творчасці. 

Увогуле я [Андрэй] паходжу з вескі, вучыўся ў беларускамоўнай школе, заўсёды бліжэй да мяне была беларуская мова. Таксама ёсць і прынцаповыя моманты: калі ездем у Польшчу і бачым, што палякі гавораць па-польску, закрадаюцца думкі, а чаму ж мы у Беларусі гаварым не па-беларуску? 


Мы з цікавасцю назіралі, як некалькі маладых людзей напявалі тэкст кожнай-кожнай песні, апускаліся ў канцэрт з галавой, аддавалі ўсю сваю энергію артыстам. У сярэдзіне выступу, каб развесяліць народ, спявак зладзіў невялікую віктарыну з пытаннямі аб творчай дзейнасці дуэта. Пераможцу ўручылі трафей - дыск новага альбома «Адзінства»


Пасля выступу laudans фатаграфаваліся, размаўлялі з гледачамі, адказвалі на цікавыя пытанні.
Мы, вядома, не маглі прапусціць магчымасьць пагаварыць з такімі таленавітымі музыкамі. Не чулі раней нічога пра ніх? Не смуткуйце! Зараз усё выправім.


Знаемцеся, гэта Андрэй і Алёна. Яны ствараюць адзіны дуэт – Laudans – у перакладзе с лацінскай мовы “тыя, хто славіць”.

Трошкі аб гісторыі ўзнікнення
Андрэй: "Дуэт стварыўся каля чатырох год таму , але laudans існуе ўжо 4,5 гады. Адразу мы выступалі ў шырэйшым складзе, а цяпер, апошнія 3,5-3 гады іграем з Алёнай удваіх. Дуэт такога фармата: ўключана фанаграма, а мы адыгрываем свае партыі".


Аб ідэях і тэмах песень.

Алёна: "Мы заусёды вызнаем, што мы хрысціяне, і стараемся спяваць на хвалу Бога, з такой мэтай ствараем свае песні, робім канцэрты".

Планы на будучыню.
Алёна: "У бліжэйшы час мы плануем зрабіць перадкалядную праграму, спадзяемся, што ў Мінску адбуздецца калядны канцэрт"
Андрэй: "Хочам зняць яшчэ адзін кліп, але не будзем раскрываць тайны, на якую песню".


Вялікі дзякуй музычнаму калектыву Laudans за мора ўзрушаючых эмоцый і ўтульны вечар. Будзем чакаць новых канцэртаў, кліпаў і сачыць за іх творчым развіццём разам!

.txt - Карына Леўчук
.jpg - Марыя Юркевіч
“Тыя, хто славіць”. SR-паход пра гурт LAUDANS “Тыя, хто славіць”. SR-паход пра гурт LAUDANS Reviewed by Unknown on 30 ноября Rating: 5

Технологии Blogger.