Гісторыя ідэальнай жанчыны. #маямова пра фільм "Жонка наглядчыка заапарка"


Калі табе надакучыла ўласнае жыццё, не варта рэзаць вены. Можна проста пражыць урывак з жыцця іншага чалавека, параўнаць гэтыя жыцці ды зрабіць высновы. Ці не рабіць ніякіх высноваў, а проста на час забыцца на ўласныя праблемы. Для гэтага і патрэбныя добрыя фільмы. Такія, падчас якіх забываешся на ўсё. Такія, у якіх кожны знойдзе нешта важнае для сябе. Пра адну з такіх раскажам у нашай рубрыцы #маямова.


“Жонка наглядчыка заапарка” распавядае гісторыю, заснаваную на сапраўдных падзеях. Падчас Другой сусветнай вайны Антаніна і Ян Жабінскія, наглядчыкі Варшаўскага заапарка, у заапарку і сваёй віле далі прытулак габрэям, уцекачам з Варшаўскага гета.

Кранальная гісторыя, якая прымусіць плакаць самых сентыментальных, а не надта сентэментальных проста зачэпіць.


Але не наўмысна фільм названы “Жонка наглядчыка заапарка”. Антаніна не проста галоўная гераіня: яна ідэльная жанчына, свайго роду супервумэн. Пытанне толькі ў тым, ці заўсёды магчыма заставацца ідэальнай.

Знешне гераіня, канешне, застаецца прыгожай на працягу ўсёй вайны, не важна, што адбываецца: побач разрываюцца снарады, Антаніна ратуе жывёл (так, у яе і такі талент ёсць) ці мые посуд. Нават пасля нараджэння дзіцяці яна ў парадку.


Але заставацца маральна чыстай зусім не так проста. Паміж двух зол можна абраць меншае, але ж дабром яно ад гэтага не стане. Каб адвесці ўвагу ад кашлю схаваных у падвале габрэяў, яна прытуляе да сябе Гер Хека — закаханага ў яе вядучага заолага Гітлера, быццам падзяляе ягоныя пачуцці. У выніку муж ледзь не вінаваціць яе ў здрадзе.


Ну і, безумоўна, кіно ствараюць дэталі. Тут іх хапіла нават на наш строгі густ. Зверы, якія апынуліся на волі на пачатку вайны, калі разбамбілі заапарк (быццам параўнанне з фашыстамі). Недасягальная мэта Гер Хека вывесці ад зубра тура, вымершага трыста гадоў таму, ягоная прага маштабу і грандыёзнасці. Дзяўчыне, якую згвалтавалі двое нямецкіх жаўнераў, разам з вяртаннем да нармалёвага псіхічнага стану вяртаецца яе былая прыгажосць. Попел ад спаленага габрэйскага гета, які нагадвае снег і стварае такую неверагодна прыгожую карцінку, якая можа быць толькі ў фільме.


Каб абагуліць уражанні, узгадаем меркаванне, што “хэпі энд сведчыць пра дрэнны густ”. Дык вось, не ў гэтым выпадку. Калі ты ведаеш, што гісторыя сапраўдная, хэпі энд — тое, чаго прагнеш.


Гэты водгук не проста так напісаны па-беларуску. Ён напісаны той жа мовай, што і прагледжаны фільм. Так-так! Калі вы яшчэ раптам не чулі пра беларускую агучку фільмаў ад праекта “Кінаконг”, хутчэй шукайце kinakong.by ва ўсіх сацсетках і даведвайцеся пра наступныя паказы.

.txt - Крысціна Забела
Гісторыя ідэальнай жанчыны. #маямова пра фільм "Жонка наглядчыка заапарка" Гісторыя ідэальнай жанчыны. #маямова пра фільм "Жонка наглядчыка заапарка" Reviewed by Дарья Рублевская on 11 декабря Rating: 5

Технологии Blogger.