Што такое WATCH DOCS Belarus і чаму трэба ісці на прагляды дакументальных стужак

Адбылося! Мінск напаткаў міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека. Штогод WATCH DOCS збірае на сваіх  пляцоўках гледачоў і ўдзельнікаў з усяго свету, каб прыцягнуць увагу да найбольш актуальных падзей сучаснасці і стварыць прастору для іх абмеркавання. Samoe Radio наведала адкрыццё WATCH  DOCS Belarus і даведалася, чаму трэба завітаць на наступныя кінапаказы.


Як даўно вы глядзелі добрае дакументальнае кіно? Не можаце ўзгадаць? Тады кінатэатр МірГістарычная майстэрня і Цэнтр культурных інавацый ok16 будуць шчыра рады прыняць вас на праглядах па тэмах, аб’яўленых арганізатарамі. Думаеце, гэта сумна і нецікава? У нас таксама была кропля сумневу, але пасля прагляда першага фільма стала сорамна за свае думкі.


Прагрэсіўная прастора

Выкарыстоўванне фемінітываў, тактычныя валантэры, заахвочаныя арганізатары былі як бальзам на душу пасля чарговага працоўнага дня. Але больш за ўсё ўразіла тое, што кінапрагляды і папярэднія прамовы на адкрыцці былі адаптаваныя для людзей з парушэннямі слыху. Шчыра прызнацца, такой прагрэсіўнасці і клопату мы і чакаць не маглі.


Перфоманс

Прыходзіш на кінапрагляд. Атрымоўваеш пакецік з двумя кубачкамі для гарачых напояў і цукерку. Адну камунаркаўскую “Алёнку”. Не ўяўляеце, як магчыма звязаць гэта ўсё з кіно? Мы ўпэўнены, што ў арганізатараў атрымаецца вас здзівіць, калі вы вырашыце разгадаць гэтую загадку і завітаеце ў "Мір" ці "Ок16".


Нешаблонныя фільмы

Большасць стужак – гэта праца сусветна вядомых рэжысёраў, а ўваход на паказы – прынцыпова вольны для гледачоў. У гэтым годзе  асноўная частка фільмаў пройдзе па наступных тэмах:
Папулізм: чаму зараз набіраюць вагу палітыкі-папулісты, а выбарцы шукаюць простыя адказы на складаныя пытанні;
Памяць: як гістарычная спадчына ўплывае на сённяшні дзень і як сучаснасць уплывае на мінулае;
Агульны свет: чаму нас, у Беларусі, мусяць хваляваць школы ў Афрыцы і аварыя на гідрастанцыі ў Расіі.

Таксама адбудзецца некалькі спецпаказаў па-за агучанымі тэмамі.  
    

Кінаноч

Унікальная магчымасць адчуць сябе героем амерыканскіх серыялаў і правесці ўсю ноч за праглядам 4 стужак. Коўдра, тэрмакубкі з кавай, сябры ды дакументальнае кіно – зрабі сабе адпачынак перад чарговым залікам, дружа. Гэтыя фільмы вартыя таго, каб іх убачыць.


Больш інфармацыі пра падзею магчыма адшукаць на сайце: https://watchdocs.by/be. Наведвай кінатэатры, глядзі толькі добрыя фільмы і сачы за навінамі разам з Samoe Radio.

.txt Дар’я Рублеўская

.jpg Кацярына Стоўманенка
Што такое WATCH DOCS Belarus і чаму трэба ісці на прагляды дакументальных стужак Што такое WATCH  DOCS Belarus і чаму трэба ісці на прагляды дакументальных стужак Reviewed by Дарья Рублевская on 15 декабря Rating: 5

Технологии Blogger.