Кніга vs. Фільм. "Завадны апельсін"

Сёння ўсё часцей назіраецца тэндэнцыя да зацікаўленнасці моладзі такім жанрам кнігі, як антыўтопія. Сярод самых знакамітых вядомы творы “1984” Оруэла, "О дзіўны новы свет" Хакслі,  "Валадар мух" Голдынга і г.д. Але сёння мы разглядзім культавы раман “Завадны апельсін” і яго экранізацыю ХХ стагоддзя .


Аўтар гэтага твора – англійскі пісьменнік і літаратуразнаўства Энтані Бёрджэс. Звяртаючыся да гісторыі напісання “Заваднога апельсіна”, трэба сказаць, што раман быў напісаны падчас Другой Сусветнай вайны, адразу пасля таго, як пісьменніку паставілі дыягназ “пухліна мозгу”. Па прагнозах лекараў, жыць пісьменніку заставалася не больш, як год, аднак англічанін пражыў доўгае жыццё і памёр у Лондане ў 76 год.

У аснову гэтай кнігі, як прызнаўся пры жыцці сам аўтар, была пакладзена нянавісць, крыўда і вялікі боль. Менавіта падчас напісання гэтага рамана аўтар намагаўся пазбавіцца ад ўспамінаў аб сваёй першай жонцы, якую падчас вайны жудасна пабілі чацвёра неграў – дэзертыраў амерыканскай арміі. Адразу пасля гэтага здарэння жанчына страціла дзіця, якім цяжарыла, і ўпала ў дэпрэсію. Хутка першая жонка Энтані Бёрджэса памёрла.


Менавіта гэтая злосць, лютасць і неверагодная крыўда прасочваецца з кожнай старонкі “Заваднога апельсіна”. Гэта кніга складаная для чытання не толькі з-за цікавай мовы напісання - у далучэнні з літаратурнай мовай прысутнічае слэнг і надсат, але і па прычыне цяжкай, шэрай атмасферы, якую нясе раман.


Так ці інакш, а гэта фантастычная і ў той жа час драматычная антыўтопія мела поспех сярод чытачоў, таму ў 1971 годзе Стэнлі Кубрык выпусціў аднайменны фільм, які быў намінаваны на “Оскар” і “Залаты глобус” па 4 намінацыях. “Завадны апельсін” яшчэ больш пашырыў кола зацікаўленых дадзеным творам, і народ натоўпам хадзіў на кінасеансы, захапляючыся фільмам. Але неабходна адзначыць, што самому Энтані Бёрджэсу фільм не спадабаўся і аўтар рамана нават намагаўся сысці з кінатэатра пасля 10 хвілін прагляду, але ўсё ж такі застаўся.

Што ж магло так пакрыўдзіць ці нават абурыць пісьменніка? Па-першае, гэта тая самая атмасфера. У кнізе пануе шэрае і брыдкае пачуццё згубленасці чатырох падлеткаў, не пакідае адчуванне гвалту і выключнай антысацыяльнай накіраванасці дзеянняў герояў. У фільме ж усё падаецца ў як бы сатырычнай форме, увогуле экранізацыя атрымалася больш падобнай да тэатральнай пастановы. Такім чынам атрымоўваецца, што кніга дазваляе апынуцца ў брудны англійскі горад і атмасферу “ультрагвалтоўных” актаў глыбей і дакладней, чым фільм. 1-0 на карысць кнігі.


Што не кажы, а ў фільме Кубрыка адсутнічала такая значная дэталь рамана, тая яе “разынка”, якая з’яўляецца адметнасцю і непаўторнасцю стыля гэтай антыўтопіі – гэта надсат. Надсат – гэта напісанне рускіх словаў англійскімі літарамі. Так, напрыклад, яшчэ с першых старонак кідаюцца ў вочы такія словы, як moloko, Kiska, baldiozh, dratsing і г.д. Спачатку гэта крыху замінае, але потым звыкаешся да такой асаблівасці і нават не прыкмячаеш.  Але ў фільме таксама ёсць такія адметнасці, за якія ён неаднаразова быў намінаваны на самыя розныя ўзнагароды. Адна з самых яркіх, на наш погляд, гэта музычнае суправаджэнне. Як бы там ні было, але сімфоніі Бетховена, Расіні і Элкінда ў адным фільме робяць такое цікавае гучанне, што проста немагчыма не закахацца ў гэту музыку. Ну, далей будзем рухацца з лікам 2-1 на карысць кнігі.


Пагутарым наконт акцёраў. Дакладна вядома, што рэжысёр вельмі педантычна падыйшоў да выбару акцёраў, бо хацеў, каб героі кінаэкрана былі максімальна прыбліжаны да герояў Бёрджэса. Калі параўноўваць галоўнага героя – Алекса і яго групоўку, то Кубрыку атрымалася дасягнуць акрэсленай мэты. Што датычыцца акцёраў другога плана і нават эпізадычных роляў, то тут татальны правал. Так, напрыклад, у кнізе ўсе kisy – дзяўчыны і жанчыны, былі значна маладзей, чым іх паказалі ў фільме. Па гэтай нагодзе аддаем бал на карысць кнігі.


Аднак недакладнасці ў фільме на ўзросце жанчын не скончваюцца. Так, напрыклад, дзеянні ў кнізе дакладна адбываюцца ў зімовую пару, а ў фільме не зразумела, які сезон – проста заўсёды пахмурна і шэра. Таксама быў момант, калі Алекса прывозяць у спецыяльную кватэру, адкуль ён і выкідваецца з акна, але ў фільме мы бачым гэту сцэну з дома пісьменніка. Калі ж прыпомніць момант збіцця галоўнага героя напрыканцы гісторыі, то ў фільме гвалтаўнікамі былі валацугі, а ў кнізе апісана, як галоўны герой быў перад гэтым у бібліятэцы і як пасля гэтага яго збіваюць інтэлегенты.

А што з галоўнай думкай твора? Тут натуральнае супадзенне: вызначэнні паняцця «дабра» і мэтазгоднасці выкарыстання тэрапіі для прадухілення амаральных учынкаў. Кубрык, як і Бёрджэс хацеў падкрэсліць, што гвалт нельга “выбіць” гвалтам.


Па выніках нашага агляду атрымаўся лік 5-2 на карысць кнігі, але гэта не азначае, што фільм дрэнны. Зусім не: мы прапаноўваем кожнаму як прачытаць кнігу, так і паглядзець фільм. Параўнайце самі, зрабіце высновы і абавязкова падзяліцеся ўражаннямі з сябрамі!

.txt - Дар'я Рублеўская
Кніга vs. Фільм. "Завадны апельсін" Кніга vs. Фільм. "Завадны апельсін" Reviewed by Unknown on 18 января Rating: 5

Технологии Blogger.