"Код жыцця" ад :B:N у Брюгге. Як гэта было

25 красавіка ў «Брюгге» сабраліся фанаты гурта “Бяз назвы”, альбо папросту :B:N. Рок-музыкі прэзентавалі альбом “Код жыцця”, у які ўключылі і новыя песні, і электрычныя варыянты некаторых старых. Чаму менавіта такі фармат абраў гурт і як атрымалася гэта ажыццявіць даведаліся журналісты Samoe Radio.


На двары л'е дождж, але наўрад ці гэта хвалюе тутэйшых. Натоўп пакуль што аб’яднаны мокрымі валасамі ды чаканнем. Хвілін сорак прайшло з сёмай гадзіны, калі адчыніліся дзверы. На шчасце, гэта мала каго хвалюе. Людзі гучна абмяркоўваюць песні Лявона Вольскага і Nizkiz, радасна абдымаюцца са знаёмымі і пільна разглядаюць сам клуб.


Чаканне скончылася, на сцэну выйшаў Уладзь Лепяшынскі, сябра культурніцкай пляцоўкі “Арт Сядзіба”, якая ладзіла падзею. Ён абяцае падарункі траім смелым, што першымі дабягуць да сцэны. Але ўсё не так проста. Хлопец просіць ўдзельнікаў назваць па чарзе песні гурта, і тут высвятляецца, што двое з чатырох (няважна, што гэта больш, чым чакалася) не ведаюць ніводнай. Тады іх замяняюць на больш сталых заўзятараў :B:N. Тыя, дзякуючы добрай памяці на назвы, атрымліваюць дыск з новым альбомам і квіткі на наступны акустычны канцэрт гурта.



Самы час прасвятляць несвядомых, таму “безназоўныя” выходзяць на сцэну. Сустракаюць радасна, але сціпла — і яны знішчаюць усялякую сціпласць першай песняй. Наступныя паўтары гадзіны кожны ў клубе не саромеецца быць сабой.


Гучыць “Дыхай глыбей”, што выходзіла сінглам на пару тыдняў раней за альбом. Гэтым часам зала паспела падвучыць словы, таму гучна спявае. Дарэчы, так адбылося не з усімі песнямі. Напрыклад, актуальна-экалагічную (асабліва для саліста, што жыве ў Шабанах і пакутуе ад бруднага паветра) “Планета, пачакай” вучаць разам. Запамінаюць першы радок прыпеўкі, другі абяцаюць Алесю патрэніраваць дома.


Саліст Алесь Лютыч патлумачыў рашэнне сыграць як новыя, так і электрычныя варыянты старых песень дзвюма прычынамі. Па-першае, некаторыя з тых твораў засталіся недаацэненымі, а па-другое, рокеры палічылі цікавым зрабіць меладычныя песні рухавымі, каб пад іх можна было танчыць.


І гэта ў іх атрымалася выдатна. Зала адрывалася напоўніцу. Пад канец канцэрта здавалася, што тут была напружаная трэніроўка, — так моцна фізічна стаміліся слухачы. Але наўрад ці іх гэта хвалявала, бо на тварах былі толькі задаволеныя ўсмешкі. 

Вялікая справаздача тут: https://vk.com/album-31905172_253217151

txt., jpg - Паліна Забела
"Код жыцця" ад :B:N у Брюгге. Як гэта было "Код жыцця" ад :B:N у Брюгге. Як гэта было Reviewed by Дарья Рублевская on 27 апреля Rating: 5

Технологии Blogger.