25 красавіка ў клубе “Брюгге” гурт :B:N прэзентаваў новы альбом #коджыцця. Лідар групы Алесь Лютыч назваў вялікі электрычны канцэрт рокэнрольным, сяброўскім і шчырым. Такім ён атрымаўся не толькі дзякуючы тым, хто быў на сцэне і за ёй, але і праз слухачоў. Яны вывучылі тэксты песень новага альбома менш, чым за два тыдні, з моманту, як плытку выклалі ў Сеціва. Нават самі музыкі не чакалі такога.
Неўзабаве, ужо ў гэты панядзелак гурт ладзіць яшчэ адзін канцэрт. На гэты раз акустычны. Выканаўцы разам з “Бачу ўпершыню” зайграюць у пабе “Графіці” 7 мая ў 19:00. Чаму так хутка? Музыкі тлумачаць: “Нам падабаецца выступаць. І не важна, будзе гэта акустыка для 10 чалавек ці драйвовы паўнавартасны канцэрт на некалькі сотняў слухачоў. Гэта аднолькава кайфова. І мы заўжды гатовыя да любых імпрэз”.
А гэта імпрэза вартая менавіта Вашага (так-так, Вашага) наведвання.
- Вы любіце музыку ўвогуле. Тут і сумненняў быць не можа, гэта ж адна з лепшых частак нашага жыцця. А тым больш для нас, сучаснага пакалення, што прачынаецца з мелодыяй у галаве і засынае з ёй жа ў навушніках.
- Вы аматар беларускай культуры. Тым болей, што яна ў нас вартая, якасная, асабліва беларускамоўная, таму што гучыць прыемна, нават ласкава для нашага слыху.
- Вас вабіць гучны рок. Не згодны? Ну Вы ж любіце танцаваць да стомы і знясілення, крычаць знаёмы тэкст разам з натоўпам і атрымліваць ад гэтага асалоду.
- Усё адно не пагаджаецеся з папярэднім пунктам? Тады, пэўна, Вы фанат расслабіцца, ціхенька, аднымі вуснамі, паўтараць словы песень і ўсміхацца на ўвесь твар ад кайфу. Бо побач з вамі спяваюць усе, спяваюць хорам, ствараючы ўтульную атмасферу еднасці і непадзельнасці, нават роднасці.
- Вы заўжды шукаеце нешта новае. Дык вось, поўны набор: новыя песні :B:N у новым, акустычным, выкананні. Калі гэтага мала, на канцэрце вы пачуеце магчыма яшчэ невядомы вам гурт “Бачу ўпершыню”. І іх ведаеце? Выканаўцы ўсё ж маюць сюрпрыз для Вас. Яны прэзентуюць песню, якую напісалі на мінулым тыдні. Яе-та Вы дакладна не ведаеце.
Усё гэта – ужо заўтра. Прыходзьце, каб атрымаць станоўчую энергію і сонечны настрой на тыдзень наперад.
Месца: Паб "Графіці", зав. Калініна, 16
Квіткі: 15р.
Набыць магчыма па ссылцы: https://bezkassira.by/gurt_bn__u_grafc_705-4086/
07.05 :B:N: Акустыка
Reviewed by Unknown
on
06 мая
Rating:
