Беларускамоўныя студэнты БДЭУ пра мову, стэрэатыпы i беларускiя гурты

Дваццаць першага лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Samoe Radio паразмаўляла з беларускамоўнымі студэнтамі і студэнткамі БДЭУ і задала ім некалькі пытанняў пра тое, якое месца мова займае ў іх жыцці. 

Ці памятаеце Вы, калі ўпершыню пачулі родную мову? 

Дар’я, ФП, 19 гадоў: 


Дакладна не, але ўпэўнена, што гэта здарылася не ў сям'і - яна ў мяне цалкам рускамоўная. Думаю, што гэта здарылася дзесьці ў пачатковых класах, але я сустрэла мову без асаблівага імпэту.

Арцём, ФЭМ, 19 гадоў: 


Упершыню пачуў беларускую мову ў дзіцячым садочку, таму што ён быў беларускі, нічога асабістага ў гэтым не адчуваў. Пасля садочку да 6 гадоў размаўляў па-беларуску, але трапіў у рускамоўны соцыум і перайшоў на рускую. 

Надзя, УЭФ,19 год:


Вучылася я ў беларускамоўнай школе i напэўна менавiта там я пачула мову, менавiта ў школе я пачала сябраваць з ёй, крыху знаёмiцца з беларускай лiтаратурай i знаходзiць сяброў па сваiх iнтарэсах.

Паліна, ФФБС 18 гадоў: 


У дзяцінстве ад сваіх бабуль і дзядуль, але, здаецца, не звяртала ўвагі на тое, што гэта беларуская мова (бо па большасці гэта была трасянка), а літаратурную мову пачула ўпершыню на ўроках бел. мовы і літаратуры. 

Як людзі ставяцца да того, што вы размаўляеце па-беларуску? 

Дар’я: Розныя выпадкі сустракаюцца, але ў любым выпадку ўсё пачынаецца з цікаўнасці. Хтосьці проста шчурыць вочы, хтосьці выпытвае, ці то не з вёскі я. Да гэтага моманту я сустракала няшмат негатыву, але вялікую долю добрых словаў. 

Арцём: Вельмі па-рознаму: па большай частцы падтрымліваюць сябры і людзі, з якімі я знаёмы. Некаторыя не разумеюць ні слова і просяць перайсці на рускую, а ёсць асобы, якія кідаюцца ў жах ад размовы на роднай мове.  

Надзя: На гэтае пытанне можна адказаць не толькi з боку беларускай мовы, але i з боку iншых сацыяльных з'яў, учынкаў чалавека. Чалавек заўсёды рэагуе на нешта новае, незвычнае да яго з насмешкай, асуджэннем. Маўляў, навошта ты вылузваешся, думаеш, ты не такi, як усе? Але я думаю, што кожны прымае рашэннi ў сваiм жыццi не для кагосьцi, а ў першую чаргу для сябе. 

Паліна: У асноўным усе станоўча.

Чаму вы вырашылі перайсці на мову? Ці складана гэта было? 

Дар’я: Я вучылася ў Мінскім абласным ліцэі на гісторыка-грамадазнаўскім профіле, даводзілася шмат вывучаць і асэнсоўваць. Там я зразумела нарэшце, што такое беларускасць, якую ролю грае нацыянальная мова ў грамадстве. Тады я думала, што вось вырасту вялікай і абавязкова стану беларускамоўнай, але ўжо ў 17 год цалкам перайшла на беларускую. 
Для мяне не было асаблівых цяжкасцяў, бо я рабіла гэта паступова і паслядоўна: адпачатку была беларускамоўная раскладка, потым сац.сеткі па-беларуску, затым 2-3 дні на тыдні выключна беларускамоўныя. 
Пра гэта можна шмат распавядаць, але сэнс адзін: калі хочаш - шукаеш магчымасці, а не перашкоды. 

Арцём: Перайшоў на беларускую мову ў 11 класе, было вельмі складана. С першага разу не атрымалася, таму што не хапала слоў і вопыту і праз 2 тыдні я закінуў гэтую справу. Але прайшоў месяц, і я зноў паспрабаваў, і па сённяшні дзень размаўляю на ёй. 

Надзя: Казаць, што "я цалкам перайшла на мову" так з упэўненасцю нельга. Напэўна, ў мяне зараз пераходны перыяд ад рускай да беларускай. 

Паліна: Шчыра кажучы, яшчэ не перайшла да канца на беларускую мову (але паабяцала, што гэта зраблю, як дачытаю "Каласы пад сярпом тваім"), але зараз усе роўна часта карыстаюся ёй. Спачатку праз страх рабіць памылкі было складна размаўляць, а потым я зразумела, што па-іншаму ніяк мову і не вывучыш, толькі размаўляючы на ёй. Таму пытаю ў суразмоўцы невядомыя словы ці карыстаюся перакладнікам Белазар у тэлеграме

Ці сустракаецеся вы са стэрэатыпамі пра беларускамоўных? 

Дар’я: Канешне, такіх ох, як хапае! 
Топ 5: - з вёскі, - з апазіцыйных партый і арганізацый, - беларускамоўная бацькі, - хочаш выпіліцца і прахайпіцца, - хочаш, як ва Ўкраіне. 

Арцём: На вялікі жаль, самы часты стэрэатып, што чалавек, які размаўляе па-беларуску - апазіцыянер або прытрымліваецца іх руху. Людзі не разумеюць, што кожны чалавек (з рознымі палітычнымі поглядамі) можа размаўляць на роднай мове. 

Паліна: Канечне. Бывае, што беларускамоўных адразу лічаць нейкімі нацыяналістамі і пачынаюць агрэсіўна ставіцца да іх, не жадаючы нават разумець. І яшчэ стэрэатып "Ой, а я думала, что ты из деревни". 

Ці шмат беларускамоўных людзей ў вашым асяроддзі? 

Дар’я: Так, яшчэ з моманту ўласнай "мяккай беларусізацыі" я пачала ствараць моўнае асяроддзе: Арт Сядзіба, ЗБС, асобныя носьбіты мовы. 2 гады таму было складаней, мова чулася толькі ў куточках symbal.by ды ад асобных людзей. Зараз з гэтым прасцей: мова перастае быць маргіналізаванай ці "змагарскай меткай" - людзі проста камунікуюць на тым, што блізка сэрцу. 

Арцём: Нікога. 

Надзя: Не так ужо іх шмат, але самае галоўнае, што яны ёсць. 

Паліна: Так, вельмі. Таму беларускай мовы не пакідаю ні на дзень! А яшчэ вельмі люблю такія моманты, калі ты шпацыруеш з сябрамi (абодва рускамоўныя ў жыцці), і вы проста вырашаеце перайсці на беларускую. Гэта неверагодна - ісці па роднаму гораду і размаўляць на роднай мове! 

Што параіце пачытаць/паслухаць? 

Дар’я: У мяне цэлы альбом у ВК толькі з беларускамоўнымі трэкамі: ад Martin S., Nizkiz, Akute да Зміцера Вайцюшкевіча. Зараз і рэп, і поп, і фолк ёсць! Колькі хочаш! Нават ЛСП па-беларуску ёсць! Проста падпішыцеся на суполкі з музыкай і слухайце, шукайце прыемнае для сябе. (Можна і мне напісаць, я падзялюся альбомам). 
Наконт пачытаць: не абмяжоўвайцеся класікай. У школе мы чыталі выдатнейшых Быкава, Караткевіча, Шамякіна, але гэта не ўвесь бел.літ. Паспрабуйце сучаснае: Віталь Рыжкоў, Даша Бялькевіч, Віктар Марціновіч, Кірыл Стаселька, Ганна Севярынец. У іх вельмі жывыя кніжкі - не адцягнуцца. 

Арцём: Творы - вельмі банальна, таму магу параіць музыку беларускіх гуртоў і спевакоў, тых жа Брутта, Лявон Вольскі, NRM. А калі мы кажам пра літаратуру, мае любімыя аўтары - Васіль Быкаў і Янка Маўр

Надзя: Я прыехала з маленькага гарадка Ушачы і таму хацела б усім параіць пачытаць маіх землякоў, якія вельмі моцна на мяне паўплывалі ў пэўны момант майго жыцця. Чытайце Быкава, Барадуліна, Цётку. Напрыклад, зараз перачытваю любiмы "Журау́лiны крык". Паслухайце Стары Ольса, Akute, Вольскага

Паліна: абавязкова трэба пачытаць Алеся Разанава, яго вершы. Мяне неверагодна ўстаўляе ад іх. Ну і яшчэ, канечне, "Мову" Марціновіча
А паслухаць - гэта гледзячы, што любіце слухаць. Калі рэп - Vinsent, нешта лірычнае - Рэспубліка Паліна (цяпер Palina), рок - The Superbullz, Лявона Вольскага.
Гэта маё суб'ектыўнае меркаванне, яшчэ ёсць шмат крутых беларускіх гуртоў. Асабіста я люблю дзіўную музыку і проста вар'яцею ад гурта Yellow Power і ад іх такога пяшчотнага стаўлення да мовы. 


Samoe Radio віншуе ўсіх з днём роднай мовы і жадае, каб кожны год ў БДЭУ яго адзначала ўсё больш аматараў! А калі вы жадаеце адзначыць гэтае свята так, каб яно запомнілася, звярніце ўвагу на тое, што сёння вас запрашае кавярня “Грай”, а таксама прастора Атлантыда сумесна са студсаюзам БДУ.

txt. - Дарья Конькова, Валерия Игнатчук
Беларускамоўныя студэнты БДЭУ пра мову, стэрэатыпы i беларускiя гурты Беларускамоўныя студэнты БДЭУ пра мову, стэрэатыпы i беларускiя гурты Reviewed by Lisbet Ginger on 21 февраля Rating: 5

Технологии Blogger.